Дэкада прадметаў гуманітарнага цыкла

23.02.2023
З 13.01.2023 па 23.02.2023 ва ўстанове адукацыі прайшла Дэкада прадметаў гуманітарнага цыкла.

Мэты Дэкады: стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці, творчых здольнасцей вучняў; садзейнічанне выхаванню любові і павагі да роднай мовы і прадметаў гуманітарнага цыкла, фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

У прадметнай Дэкадзе прынялі ўдзел вучні 5 - 11 класаў. Былі падрыхтаваны і праведзены разнастайныя мерапрыемствы (з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей).

Для вучняў 5-6 класаў Кабановіч Іна Аляксандраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, правяла спаборніцтвы Клуба вясёлых і знаходлівых “Любі, шануй, ведай роднае слова”. Любіць і слухаць мову мала, трэба яшчэ яе і ведаць.  У час  спаборніцтва вучні ўзнаўлялі і паказвалі свае веды па беларускай мове, літаратуры, а таксама веды пра нашу краіну. Мерапрыемства вылучалася прадуманай структурай правядзення і духам спаборніцтва каманд “Сказ” і “Слова”. Пераможцы атрымалі заслужаныя дыпломы і прызы.

Гульня “Падарожжа ў краіну Лексіка”, якую падрыхтавала настаўніца англійскай мовы Шалепіна Таццяна Аляксандраўна, праводзілася сярод каманд 5 i 6 класаў. Заданні насілі гульнявы ​​характар ​​і не выходзілі за межы вучэбнай праграмы.  За кожнае выкананае заданне камандзе выстаўляліся балі ў маршрутным лісце. Пераможцамі стала каманда 6 класа.

 Сярод вучняў 5-7 класаў настаўніца рускай мовы і літаратуры Кратовіч Людміла Канстанцінаўна  арганізавала квэст-гульню “Падарожжа ў краіну Граматыка”. У інтэлектуальнай гульні спаборнічалі 3 каманды: “Дзеясловы”, “Букварыкі”,”Маланка". Вучні з вялікай цікавасцю наведвалі станцыі па маршрутных лістах, вырашаючы пэўныя задачы. За правільна выкананае заданне ўдзельнікі каманды атрымлівалі на кожнай станцыі жэтоны. Першымі прыйшлі да фінішу ўдзельнікі каманды “Букварыкі, другімі – “Маланка” і трэцяе ганаровае месца заняла каманда “Дзеясловы". Вучні праверылі свае веды па рускай мове і атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый.

Вучням 7-9 класаў вельмі спадабалася мерапрыемства “Люблю Беларусь”, якое ў форме гульні-віктарыны праводзіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравікова Ірына Уладзіміраўна. Каманды прайшлі шэраг выпрабаванняў, у якіх выявілі свае веды па беларускай мове і літаратуры, адшуквалі адказы на нестандартныя пытанні. Вучні паказалі добрыя веды. Былі падведзены вынікі мерапрыемства, вызначаны самыя актыўныя  ўдзельнікі.

Для вучняў 5-9 класаў Баравікова І.У. падрыхтавала пазакласнае мерапрыемства "У любімай мове". Вучні расказвалі вершы пра родную мову, слухалі песні. Але акрамя выдатных паэтычных твораў пра мову ёсць нямала цудоўных лінгвістычных загадак. Дзецям была прапанавана інтэлектуальная гульня, дзе яны адгадвалі загадкі, разгадвалі шарады, рэбусы, метаграмы. Дзеці былі вельмі актыўныя, праявілі добрыя веды па мове. Напрыканцы прыйшлі да высновы, без мовы не можа жыць ніводны чалавек. Яе трэба берагчы як самую дарагую спадчыну нашых продкаў.

21 лютага ў рамках святкавання Міжнароднага Дня роднай мовы Навойчык Андрэй Францавіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, арганізаваў для вучняў 8 – 11 класаў інтэлектуальную гульню “Зямля пад белымі крыламі”. Зборныя каманды вучняў вельмі захапіліся выкананнем цікавых і разнастайных заданняў, праявілі кемлівасць, паказалі свой слоўнікавы запас, а многія пашырылі яго.

Для вучняў 8-11 класаў Вайцяшонак Вольга Мар’янаўна, настаўніца рускай мовы і  літаратуры, падрыхтавала вельмі цікавы інтэлектуальны конкурс “Знатоки. Умницы и умники”. Спаборнічалі каманды “Пунктуацыя” і “Лексіка”. Дзеці з задавальненнем праходзілі ўсе этапы конкурснай праграмы: склалалі словы з літар аднаго слова, выпраўлялі памылкі ў сказах, пазнавалі пісьменнікаў па партрэтах, самі складалі вершы. Самыя актыўныя і эрудыраваныя ўдзельнікі атрымалі бонусы ад журы, а каманда – пераможца – Дыплом.

16 лютага вучні 3-11 класаў пажадалі  паспрабаваць свае сілы ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік”, які таксама садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы сярод вучняў, развіццю пазнавальнай дзейнасці. Спадзяёмся, што вынікі конкурсу будуць прыемнымі.

А яшчэ нашы настаўнікі-гуманітарыі ў час правядзення Дэкады прадметаў гуманітарнага цыкла прынялі ўдзел у  II этапе дыстанцыйнай алімпіяды для педагагічных работнікаў у намінацыях “Прафесійная кампетэнтнасць педагога: настаўнік (выкладчык) беларускай мовы і літаратуры” (Баравікова І.У.) і “Прафесійная кампетэнтнасць педагога: настаўнік (выкладчык)  грамадазнаўства” (Валковіч В.В.). Таксама наведалі пасяджэнні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў па рускай мове і літаратуры, па мастацтву. А наша вельмі вопытная настаўніца Валковіч Вольга Вячаславаўна сама  прымала гасцей раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

У завяршэнне Дэкады прадметаў гуманітарнага цыкла адбылося пасяджэнне школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання, дзе, акрамя абмеркавання пытанняў тэмы пасяджэння, былі падведзены вынікі Дэкады.

Але самыя лепшыя вынікі, як правіла, падвялі самі вучні, якія пыталіся, калі наступны раз будзе адбывацца такое свята мовы і літаратуры.